"Смерці ў паэта няма - ёсць нараджэнне..."

20.11.2021

Кароткім выдаўся яе жыццёвы лёс.

Высокія дрэвы і слупы з буслянкамі-капелюшамі, ашаляваныя пафарбаванай вагонкай дамы, за якімі цягнуцца да лугавіны прыбраныя агароды і сады, чароды тлустых гусей і качак на астылых хвалях Ясельды і нязвыклая цішыня зачароўваюць у перадзімовай палескай вёсцы Рудка. На адным з драўляных дамоў, што абасоблена стаіць на павароце шашы-вуліцы, усталявана пліта з белага мармуру. На ёй выбіта: «Тут з 1948 па 1966 год жыла беларуская паэтка Яўгенія Янішчыц».

Вучнёўства будучай паэткі пачыналася з Рудкаўскай пачатковай школы. Першая настаўніца Вольга Васільеўна Лойка праз дзесяцігоддзі ўзгадвае пявучую гаворку сваёй вучаніцы. Дзяўчынка лёгка ўсвойвала пісьмо, чытанне. А да матэматыкі асаблівых схільнасцяў не выяўляла.

Першыя парасткі літаратурнага даравання ў Яўгеніі праявіліся ў Мерчыцкай васьмігодцы. У чацвёртым класе яна прысвяціла сваёй маці верш і паказала яго настаўнікам. Яны не паверылі, што гэта радкі школьніцы. Перакананне прыйшло педагогам пасля святочнай вечарыны з нагоды 80-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа, якую рыхтаваў з вучнямі выкладчык роднай мовы і літаратуры Аркадзь Міронавіч Грэчка. Яўгеніі Янішчыц выпала прачытаць верш народнага паэта «За падаткі». Яна вырашыла дапоўніць выступленне сучаснымі радкамі, прысвечанымі класіку беларускай літаратуры. У школьнай бібліятэцы нічога не знайшла і напісала сама верш. Паэтычныя радкі вясковай школьніцы сталі з’яўляцца ў пінскай аб’яднанай газеце «Полесская правда», а потым і ў рэспубліканскіх выданнях.

У дзявяты клас.нашай школы  юнае дараванне  ужо чакалі.  Творчым дарадчыкам яе стаў настаўнік Фёдар Цудзіла. На ўроках літаратуры Яўгенія чытала аднакласнікам свае вершаваныя радкі, выступала на школьных святах. Фёдар Фёдаравіч з вялікай прыемнасцю ўзгадваў, як у тыя гады сярод вучняў і настаўнікаў школы панавала паэтычная атмасфера. Прыродны талент ярка ўзняў на літаратурны Алімп Яўгенію Янішчыц.

Дарэчы, такое прозвішча ёй засталося ад першага мужа маці Ёзаса Янішчыца, які загінуў у Вялікую Айчынную вайну. Ён быў адным з першых трактарыстаў на Піншчыне, слыў адменным кавалём. Вырабляў самыя розныя прылады для сялянскай працы. Падчас нямецка-фашысцкай акупацыі неяк да іх на ясяльдзянскі хутар завітаў сусед, каб паладзіць плуг. Ёзас узяўся за справу. А яго жонка Марыя Андрэеўна тым часам пайшла на раку бялізну паласкаць. Раптам на хутар наляцелі фашысцкія карнікі. Нехта з мясцовых данёс акупантам, што хутаране дапамагаюць партызанам. Гаспадара разам з суседам схапілі і пагналі па бальшаку да ясяльдзянскага моста. Там над імі доўга здзекваліся. Сяляне, якія побач працавалі і бачылі катаванне, расказвалі, што рукі карнікаў былі запэцканы крывёю ахвяр. Ёзас Янішчыц мужна трымаўся да апошняга дыхання. Яго і суседа нелюдзі знішчылі, і ніхто не ведае, дзе іх магілы.

З боллю ў сэрцы ўзгадвала пра гэта і маці паэткі. Пасля вайны да яе пасватаўся Іосіф Пракапчук. Сярод вяскоўцаў слыў як майстар з залатымі рукамі. Быў, як і першы муж Марыі Андрэеўны, механізатарам. З любым заняткам па гаспадарцы спраўляўся цудоўна. Акарамя таго, не было яму роўных сярод мясцовых музыкаў. Яго гармонік гучаў на вясковых вяселлях і святах. З Марыяй Андрэеўнай яны зышліся і жылі без афіцыйнай рэгістрацыі шлюбу. Нарадзілася  дзяўчынка, і яе запісалі на прозвішча маці — Янішчыц. Калі Яўгенія атрымлівала пашпарт, магла яго памяняць. Але, як пісала ў пісьме брэсцкаму літаратару Уладзіміру Калесніку: «Што датычыцца проз­вішча, то яно не такое і прыгожае, каб любавацца ім. Скажу толькі адно, што для нашай сям’і, і асабліва для мамы, яно дастаўляе горкую, незабыўную памяць вайны».

 Яўгенія працавала з бацькамі на калгасным полі: сярпом жала жыта, вязала снапы, нястомна церабіла лён, варочала пакосы і зграбала сена на ясяльдзянскіх лугах. Увосень пасля школьных заняткаў дапамагала бацькам капаць бульбу. Ніякай сялянскай працы не цуралася. І чым бы ні была занятая, заўжды штосьці напявала. Аднавяскоўцы лічаць, што гэта ад бацькі-музыкі. Любімай народнай песняй яе была «Шумяць вербы ў канцы грэблі…»

Таленавітая творца пакінула не толькі землякам, а ўсёй Беларусі сваю духоўную спадчыну. Яна невымерная нічым, як душа чалавека. Невычэрпная, як крыніца. Без яе няма народа. Паэзія яе адразу ўзяла высокую планку, як вось гэтыя радкі юнай паэткі:  

Ещё в этом разделе