Ты пакліч мяне, пазаві...

24.11.2018
20 лістапада 2018 года Піншчына запрасіла гасцей на святкаванне юбілею зямлячкі – Яўгеніі Янішчыц. З нагоды 70-годдзя паэтэсы было наладжана раённае свята паэзіі “Непрыручаная птушка Палесся”.

Памяць пра палескую ластаўку

20 лістапада 2018 года Піншчына запрасіла гасцей на святкаванне юбілею зямлячкі – Яўгеніі Янішчыц. З нагоды 70-годдзя паэтэсы было наладжана раённае свята паэзіі “Непрыручаная птушка Палесся”.

Пачатак свята адбыўся ў Пінскай раённай бібліятэцы імя Яўгеніі Янішчыц, дзе гледачам была прапанавана літаратурна-музычная кампазіцыя “Спеў душы Яўгеніі Янішчыц”. Удзельнікамі свята сталі госці з Мінска, пісьменнікі, літаратуразнаўцы, родзічы Я.Янішчыц, вучні і настаўнікі Пінскага раёна, прадстаўнікі ўлады.

Далей мерапрыемствы разгарнуліся ў вёсках Рудка і Парэчча – на малой радзіме Я.Янішчыц і ў народным музеі паэтэсы. Вучні і настаўнікі Парэцкай базавай школы падрыхтавалі літаратурную гасцёўню “Памяць пра палескую ластаўку”. Вядучы мерапрыемства, а гэта дырэктар музея Я.Янішчыц, Антаніна Паўлаўна Сідарук, распачала гутарку пра жыццевы шлях паэтэсы, яе станаўленне. Гучалі вершы, песні на словы Я.Янішчыц. Аднакласнікі, сябры, суседзі, аднакурснікі падзяліліся ўспамінамі пра часы дзяцінства і юнацтва Жэні. Вельмі кранальна было пачуць гукапіс самой паэткі – зварот да тых, хто яе любіць і помніць, землякоў. Успамінамі падзяліўся і сын Андрэй Яўгеніі Янішчыц. Ён прызнаўся, што вельмі любіць прыязджаць на Радзіму мамы, літаратурны музей Парэцкай базавай школы, што для яго гэтыя куточкі самыя дарагія і блізкія. Ён падрыхтаваў да юбілею падарунак – карціну з выявай Я.Янішчыц, з якой глядзіць паэтка на ўсіх прысутных як жывая…

Падчас сустрэчы адбылася прэзентацыя другога тома кнігі “Яўгенія Янішчыц: творы, жыццяпіс, каментарыі”, прысвечанага жыццю і творчасці Яўгеніі Янішчыц. Адна з укладальнікаў кнігі Тамара Пятроўна Аўсяннікава расказала, як вялася праца па стварэнні другога тома кнігі, аб матэрыялах, якія будуць размешчаны ў наступных кнігах. Аўтар адзначыла, што ў кнізе чытач знойдзе хроніку жыцця і творчасці, радаводы па лініі маці і бацькі, успаміны родных, суседзяў, аднакласнікаў, настаўнікаў.

Узялі слова і настаўнікі беларускай мовы і літаратуры, каб выказаць удзячнасць усім, хто рыхтаваў гэтае свята і аўтарам літаратурна-энцыклапедычнага выдання, якое дапаможа зберагчы творчую спадчыну паэткі.

Адзінае, што зразумела ўжо цяпер, - паэзія Жэні Янішчыц будзе каштоўнай і ў будучым стагоддзі і праз стагоддзе. Паэзія душы, кахання, асабістых успамінаў заўсёды будзе мець свайго чытача. А імя Жэні Янішчыц застанецца ў памяці кожнага, хто хоць раз у жыцці адкрываў зборнік яе вершаў.

 

Ещё в этом разделе